Беларускае культурніцкае жыцьцё Полацка (пач. ХХ ст. )

1

 

На мяжы стагодзьдзяў Полацак выглядаў на расейскі анклаў. Прычынай таго было працяглае знаходжаньне ў горадзе аж ад першага падзелу Рэчы Паспалітай вялікай колькасьці вайскоўцаў і расейскага чынавенства. Ідэалягічна над усёй прасторай панаваў Полацкі кадэцкі корпус з закладзенай у асновы навучаньня імпэрскасьцю і шавінізмам. Без натхненьня гэтага асяродка не абыйшліся і габрэйскія пагромы 23 кастрычніка 1905 году, у выніку якіх загінулі блізу 300 полацкіх габрэяў. На чале пагромнікаў стаяў “исконно русский человек” сьвятар Пакроўскае царквы Іван Амельяновіч. Судовыя разьбіральніцтвы па тых масавых забойствах цягнуліся аж да 1909 году. Газэта “Наша Ніва” (№26 ад 31.12.1908) шкадавала аб тым, што такое дзеілася ў Беларусі але і цешылася, “што такімі цёмнымі кутамі былі толькі Полацк, Орша, Гомель”.

Аднак ужо праз колькі гадоў пасьля падзеяў 1905 году горад далучыўся да працэсу беларускага Адраджэньня пачатку ХХ-га ст. ды стаўся павязаным зь лёсам ягоных выбітных асобаў. Ад 1907 году ў газэце “Наша Ніва” калі-нікалі пачалі трапляцца паведамленьні з Полацку, праўда з большага яны тычыліся жыцьця настаўніцкае сэмінарыі. У тым жа самым годзе з рэдакцыяй “Нашай Нівы” пачынае супрацоўнічаць былы навучэнец (1896-1902) Полацкае настаўніцкае сэмінарыі паэт Янка Журба.Янка Журба

 

Янка Журба, студэнт Глухаўскага настаўніцкага інстытута

 

Адзін зь лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады Антон Луцкевіч у 1928 годзе пісаў: “Разумеючы, што для разьвіцьця нашага руху неабходна ўзгадоўваць моладзь у духу нашых ідэалаў – нацыянальных і сацыяльных, мы асаблівую ўвагу зварачалі на працу сярод вучняў ... вучыцельскіх сэмінарыяў па ўсім краю. З апошніх нам удалося апанаваць чатыры: Маладзечанскую, Сьвіслацкую, Полацкую і Панявескую, ды мы нават стварылі іх саюз, які пасьля правёў агульную забастоўку ў гэтых чатырох школах з нацыянальнымі беларускімі лёзунгамі.” Паводле газэты “Наша Ніва” выступ студэнтаў адбыўся у красавіку 1907 году (№15 ад 26.04.1907). Падобна на тое, што нацыянальны беларускі саюз навучэнцаў мог аформіцца арганізацыйна яшчэ пры канцы 1906 году. 

 

2


 Полацкi касьцёлПолацкі касьцёл (выгляд з паўночнага захаду)

 

У гэты час вікарыем полацкага пробашча Леанарда Бараноўскага быў прызначаны вядомы беларускі хрысьціянскі дзяяч Францішак Будзька, намаганьнямі якога пазьней у 1913-1915 гг. у Вільні выходзіла штотыднёвая беларуская каталіцкая газэта “Bielarus”. Ксёндз Францішак не цураўся літаратарскай дзейнасьці, быў аўтарам перакладаў на беларускую мову “Катэхізму” Філякоўскага, “Сьвяты Андрэй Баболя” і “Сьвятая Гісторыя” Шустара ды “Касьцельныя абрады” Банчкоўскага. Займаўся зьбіральніцтвам. Будзька часта езьдзіў па вёсках і мястэчках Полацкага дэканату, дзе як і ў Полацкім касьцёле прамаўляў казаньні па-беларуску.


Ксёндз Францішак БудзькаКсёндз Францішак Будзька


У плябаніі касьцёлу (цяпер вул. Эўфрасіньні Полацкай 3) сьвятар захоўваў цудоўны абраз на дошцы “Пакуты Хрыста”, намаляваны нідэрляндзкім мастаком пачатку ХVІ ст. Лукашом Ван Лэйданам (Lucas Van Leyden). Гэты ўнікальны твор згарэў улетку 1912 у часе вялікага пажару.

Ад лютага 1910 пачынае прафэсійна працаваць Першая беларуская тэатральная трупа, якой кіруе ўладальнік маёнтку Палевачы ля Празарокаў Ігнат Буйніцкі.

  

Ігнат БуйніцкіІгнат Буйніцкі.


Трупа шмат гастралюе. Выбітны дзеяч беларускага Адраджэньня Вацлаў Ластоўскі ў нашаніўскім артыкуле “Беларускі вечар у Полацку”(№40 ад 30.09.1910) пісаў пра полацкія вечарыны: “Надышоў вечар, і апынуўся я ў тэатры. Народу поўна. Адкрываецца завеса, іграюць камедыю "Модны шляхцюк" жыва, бойка. Пасьля выступае хор чалавек 30, усе ў нацыянальнай адзежы. У залі адразу пасьвятлела, пайшоў шопат, усе заварушыліся. Паплыла беларуская родная песня, то сумная, як доля народная, то вясёлая і жывая, як бывае жывой і вясёлай моладасьць. Воплескам канца не было: грымела-гудзела ўся заля, як лежэнь з ройнымі пчоламі. Дэкламацыя ішла складна, кожны нумар пакрываўся воплескамі. На канец танцы.

3

 

 Абвестка аб спэктаклі "Модны шляхцюк"Абвестка аб спэктаклі "Модны шляхцюк" (1910 г.)


Танцы нашы родныя, беларускія, з жывасьцю каторых ня можа зраўняцца ніводзін танец на сьвеце. Танцоры дзіваў даказвалі, а перад усімі першы танцор і арганізатар тэатра Ігнат Буйніцкі з сваёй танцоркай вязалі, раскідвалі ў круг і злучалі фігуры. А тым часам дудар з цымбалістам ёмка ігралі пад танец, падпяваючы час ад часу. Другі вечар яшчэ лепей прайшоў. Камедыю "Па рэвізіі" ігралі артыстычна, беспадобна.

 

Абвестка аб спэктаклі "Па рэвізіі" (1911 г.)Абвестка аб спэктаклі "Па рэвізіі"

 

Добра вывязаўся з сваёй ролі старшына, стораж і сьведка, пісар іграў як артыста, таксама Пантурчыха і Параска. У харавым сьпеве агульную ўвагу зьвярнуў першы жаноцкі голас у песні "Муж жонку б'ець", голас не надта зычны, але меладыйны, прыятны, і, услухаючыся ў яго, як ён зычэў у гэтай сумнай песні, шчымела сэрца... Песьня так выразна апявае гаротнае жыцьцё маладзіцы на чужыне, што абразы як жывыя становяцца перад вачамі і навяваюць маркотны настрой... 3 дэкламацыі добрае ўражаньне зрабіў у пару сказаны верш "Два майстры" Паўловіча і "Песенька да некаторых маладых людзей" Купалы. Гэта апошняя вызвала надта карыснае ўражаньне. Танцы прайшлі ізноў пад агульныя воплескі і пахвальныя крыкі, а найбольш цікавіў усіх танец "Гняваш". Першай танцорцы публіка паднесла кветкі, а першаму танцору - гадзіньнік з датай вечара ў Полацку. Тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы заходу і рупнасці дзядзькі Ігната Буйніцкага, на цвёрдыя падваліны, і выплываюць усё новыя і новыя сілы. За гэтыя стараньні і рупнасьць шчырае дзякуй яму, а калісь, калі прабудзіцца сьвядомасьць ва ўсім беларускім народзе, памяць Ігната Буйніцкага будзе сьвятой для ўсіх. Кажуць, быццам, маніцца ён даць яшчэ спектаклі ў Віцебску і Магілёве, - шчасьць, Божа, яму ў яго вялікай працы. Але ў тых месцах, дзе ўжо бывалі беларускія вечарынкі, трэба, каб мясцовыя беларусы скарысталі з гэтага і далей падтрымлівалі і будавалі зачатую работу: рабілі вечары зь песнямі, танцамі і дэкламацыяй беларускай, каб разьвівалі музыку, шырылі сьвядомасьць. Маем надзею, што наша маладзёж не праміне падняцца гэтай сьвятой працы.

 

4

 

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі

 

Вацлаў Ластоўскі бываў у Полацку неаднойчы. Яго вабіла гісторыя старажытнага гораду. Пэўна ў часе гэтых наведаньняў і была напісаная асноўная частка аповесьці “Лабірынты” пра Сафію і базыльянскі манастыр, што побач зь ёй. Хаця аповесьць надрукаваная пазьней у часопісе “Крывіч”, які выдаваўся ў тагачаснай сталіцы Летувы Коўне (№2, 3, 6 за 1923 год), аднак стылёвыя падабенствы з нашаніўскім артыкулам “Беларускі вечар у Полацку” выразныя.

 

Будынак былога базыльянскага манастыраБудынак былога базыльянскага манастыра, месца дзеяньня аповесьці “Лабірынты”

 

Тэатар або пэўная частка ягонае трупы 18 кастрычніка яшчэ знаходзіліся ў горадзе, бо захаваўся ліст Ігната Буйніцкага з Полацку ў рэдакцыю газэты “Наша Ніва”, дзе той дзякаваў за дасланыя ноты і шкадаваў з прычыны зьмены складу трупы. Вынікам працы трупы Буйніцкага сталася ўтварэньне ў Полацку асяродку з вучняў мясцовых школаў, якія таксама пачалі арганізоўваць тэатральныя вечарыны (адна зь іх адбылася ў лютым 1911 г).

У 1911 годзе трупа Ігната Буйніцкага зноўку наведала Полацак. У складзе трупы была беларуская паэтка і акторка Алаіза Пашкевіч (Цётка).

 

 

Алаіза Пашкевіч-Кайрыс

Алесь Бурбіс

Алаіза Пашкевіч-Кайрыс                                            

Алесь Бурбіс

 Разам зь ёй у гастролях бралі ўдзел вядомыя беларускія дзеячы: будучы консул БНР у Маскве Алесь Бурбіс ды будучы старшыня Дзяржпляну БССР Язэп Дыла. Пазьней Дыла ўспамінаў: “31 ліпеня ў памяшканьні полацкага тэатру паказвалі “У зімовы вечар” Элізы Ажэшкі. П’еса карысталася асаблівым посьпехам, бо ўсіх захапляла ўмелая і шчырая ігра паэткі Алаізы Пашкевіч, якая выконвала ролю старое Насты...” Верагодна тады ж Полацак наведаў і вядомы архэоляг, этнограф ды закладальнік беларускага музэю ў Вільні Іван Луцкевіч. Ва ўсялякім выпадку ён прысутнічаў падчас тых самых гастроляў у недалёкай Дзісьне. Натуральна гэты новы візыт умацаваў яшчэ болей беларускі сьвядомы асяродак у Полацку. 


5


Будынак Высакароднага сходу, дзе месьціўся полацкі тэатар Будынак Высакароднага сходу, дзе месьціўся полацкі тэатар (сучасная вул. Войкава) мал. І.Дэйніса

 

У 1914 годзе ўжо ў Вільні Цётка запрасіла неяк маладую паэтку Канстанцыю Буйлу, кніжка вершаў якой “Курганная кветка” толькі ўбачыла сьвет, да сябе на калдуны. Вось як апісвае тую сустрэчу сама паэтка: “Мы доўга йшлі рознымі вуліцамі, дайшлі да яе доміка, ён быў невялікі, зайшлі ў маленькі пакоік і Цётка адразу пачала клеіць калдуны. Яна сказала мне, што ў Полацку павінна быць адчынена беларуская кнігарня і ў іх ёсьць думка, каб паслаць мяне туды загадчыцай кнігарні (Ідэю гэтую актыўна падтрымаў Максім Багдановіч). Яна гаварыла, што нам трэба згуртаваць моладзь, каб весьці работу асьветніцкую наогул і беларускую таксама ... Я не магла адказаць адразу, мне трэба было напісаць бацькам, параіцца з Уладкаю (Уладыслава Станкевіч – пазьней жонка Янкі Купалы), і я папрасіла даць мне нейкі час на роздум. Мы елі калдуны, пілі чай, потым Цётка праводзіла мяне трошкі, і я паехала да Ўладкі. Празь нейкі час у рэдакцыі “Нашай Нівы” я зноў сустрэлася зь Цёткаю, яна адразу зьвярнулася да мяне з пытаньнем – што я надумала. Я адказала, што згодная ехаць у Полацак. Парывістая Цётка схапіла маю руку і пацалавала яе, як быццам я выказала згоду на нейкі подзьвіг...

 

Канстанцыя БуйлаКанстанцыя Буйла

 

Кнігарня ў Полацку была ладная і бадай ці ня першая такая на Беларусі. Знаходзілася яна ў цэнтры горада, недалёка ад сабора [Мікалаеўскага]. Як называлася вуліца – ня памятаю. Кнігарня праіснавала адно лета і сышла вайною 1914 году... Гэта была нашаніўская кнігарня. Чым я там займалася? А усім. Прадавала кніжкі. Памятаю было шмат беларускіх календароў... Былі там кніжкі і іншых аўтараў пра Беларусь, па-польску і па-расейску. Заходзіла ў кнігарню пераважна моладзь: семінарысты, гімназісты, курсісткі. Заходзілі і салдаты. У Полацку ў тую пару шмат было салдатаў. Сярод іх былі і беларусы. Іх таксама брала цікавасьць, што гэта за беларуская кнігарня і што ў ёй прадаецца. Упершыню ж такая кнігарня зьявілася на сьвет. І заходзілі. Мяне там вельмі паважалі... Я ж была ня проста прадавец... На мяне ўсе глядзелі як на літаратара... На паліцах стаяла і мая “Курганная кветка”. Недзе ў 1915 годзе адмыслова для полацкае кнігарні мастак Язэп Драздовіч выляпіў зь гіпсу барэльеф Францішка Скарыны і даслаў яго Буйле. Пазьней гэты барэльеф павандраваў з паэткай у Маскву, дзе экспанаваўся ў Беларускім павільёне на Ўсерасейскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выставе, што адчынілася 15 жніўня 1923 году. Адтуль яго не вярнулі. У верасьні 1915 году немцы зьдзейсьнілі Сьвянцянскі прарыў у выніку якога вайсковыя дзеяньні ахапілі заходнюю частку Беларусі. Толькі вялікімі намаганьнямі і ахвярамі расейскаму вайсковаму кіраўніцтву ўдалося ў кастрычніку стабілізаваць фронт на лініі Нарач – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. У гэты час ў Полацку пачалі разгортвацца палявыя шпіталі, памяшканьне было канфіскаванае і кнігарня спыніла сваю працу. Канстанцыя пайшла працаваць рахункаводам у Земскі саюз, які займаўся забесьпячэньнем фронту. Застаўшыяся кніжкі забраў Вацлаў Ластоўскі і перавез іх у Вільню. Тут у Полацку паэтка пазнаёмілася з выпускніком Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі Віталем Калечыцам, які атрымаў накіраваньне ў горад. Празь нейкі час маладыя вырашылі пабрацца шлюбам. Дакладная дата вянчаньня невядомая, адно пэўна, сталася гэта ў 1916 годзе. Узялі шлюб маладыя ў полацкім падамініканскім касьцеле Маці Божай, што месьціўся на паўночным баку галоўнага гарадзкога пляцу і дзе на той час захоўваліся рэліквіі Сьвятога Андрэя Баболі. Маецца верагоднасьць, што ў часе вянчаньня прысутнічалі Янка Купала (Ян Луцэвіч) і ягоная жонка Ўладыслава, якая была добрай сяброўкай Канстанцыі. 

 

6

 

Ян і Ўладыслава ЛуцэвічыЯн і Ўладыслава Луцэвічы ў Полацку (1916 г.)

 

Луцэвічы пабраліся шлюбам трохі раней у студзені 1916 году ў маскоўскім Петрапаўлаўскім саборы. Недзе ў ліпені 1916 году прыехалі ў Полацак, дзе Купала мусіў служыць у вайсковым дарожна-будаўнічым аддзеле. Тут сям’я заставалася да восені 1917 году. У часе свайго побыту ў Полацку Янка Купала некалькі разоў, паводле ўспамінаў краязнаўца Івана Дэйніса, выступаў перад настаўнікамі гораду ў будынку жаночае гімназыі.

 

Будынак жаночае гімназыіБудынак жаночае гімназыі (вул. Ніжне-Пакроўская)


Сюды ж увосень 1917 году прыязджала да Луцэвічаў акторка Паўліна Мядзёлка.Паўліна Мядзёлка

 

Паўліна Мядзёлка

 

Буйла ж з Калечыцам яшчэ пры канцы 1916 году зьехалі далей ад вайны на ўсход. Лютаўская рэвалюцыя застала іх ужо пад Валакаламскам.

 

7

 

Крыніцы:

1. Гарадзіцкі А. “Расказвае сын” // “Літаратура і мастацтва” 26.01.1990 стар. 13

2. Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў, Вільня, 1928

3. Ляхоўскі У. “Зь гісторыі беларускага маладзёвага руху”// “Супольнасьць”, 1(9)-1999, стар. 12

4. Марціновіч А. “Паўліна, Паўлінка, Журавінка” // “Літаратура і мастацтва” 10.09.1993 стар. 10, 12

5. “Наша Ніва” №15 ад 26.04.1907

6. “Наша Ніва” №26 ад 31.12.1908

7. “Наша Ніва” №40 ад 30.09.1910

8. Содаль У. “Згадкі Канстанцыі Буйло” // “Літаратура і мастацтва” 01.01.1993 стар. 6-7

9. Шляхам гадоў, Мн., 1990, стар.16 

  

Каталог сайтов 1BY.BY Rating All.BY Каталог TUT.BY