Ён памятае часы варагаў і крыжакоў....

У 2011 г. спаўняецца 30 год, як знакаміты полацкі Барысаў камень - помнік пісьменства першай чвэрці ХІІ ст. - заняў сваё пачэснае месца каля Сафійскага сабора. Помнікі архітэктуры і эпіграфікі аб'ядноўвае адна гісторыя, адзін лёс – бацькі і сына, князёў Усяслава і Барыса. Першапачаткова камень з надпісам знаходзіўся пасярод Заходняй Дзвіны, каля вёскі Ропна. Яшчэ ў 1889 г. адбылася спроба дастаць агромісты валун. Мясцовая паліцыя сабрала шмат палачан і жыхароў навакольных вёсак. Глыбу абкруцілі канатамі і пачалі цягнуць. Але намаганні былі марнымі. Камень застаўся ляжаць на сваім месцы. Новая спроба адбылася праз 100 гадоў. Абапіраючыся на запісы аднаго з аквалангістаў, які прымаў непасрэдны ўдзел у пад'ёме, камень быў выцягнуты ў 1981 г. Згодна з планам эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981-1985 гг. прадугледжвалася  будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, пасля чаго ўзровень вады ў рэчцы павінен быў значна ўзрасці і камень быў бы непазбежна затоплены. Інстытуту гісторыі Акадэміі навук БССР, пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Побаля Л.Д. на распрацоўку праграмы па выбару месца і перавозу каменя было выдзелена 2 млн. рублёў.  Побаль рэкамендаваў паставіць камень на тэрыторыі Верхняга замка і ўсталяваць яго побач з Сафійскім саборам, на тэрыторыю, якая знаходзілася пад аховай Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка (сёння – НПГКМЗ). Не ўсе палачане ведалі пра работы, якія праводзіў Інстытут гісторыі. Не раз новаму дырэктару полацкага заведніка Ігару Залілаву прыходзілася даваць тлумачэнні, як, на прыклад, на матэрыялы, змешчаныя ў газеце «Звязда». Але самым цяжкім момантам сталі падрыхтоўчыя работы і пад'ём валуна з Дзвіны, якія пачала яшчэ Ядзвіга Афанасьеўна Зайцава. Работы хапіла ўсім. Аквалангісты з мінскіх клубаў «Геолаг» і «Чайка» займаліся вывучэннем грунта і распрацоўкай канструкцыі для пад'ёму. Зроблена яна была ў Мінску, а манціравалася - на месцы. Цягнулі камень з вады танкісты вайсковай часці, што размяшчалася ў Баравусе. А грузілі камень аўтакранам «Като» магутнасцю да 100 тон з Наваполацка.

Кастрычнік на поўначы Беларусі ўжо далёка не цёплы. Але менавіта ў ім членам спартыўнага клуба «Чайка», што дзейнічаў пры заводзе шасцярон, прыйшлося пагружацца ў ваду і рыхтаваць камень да пад'ёму. Ужо здавалася, што нічога не атрымаецца, настолькі моцна трымаўся валун за дно. Але нарэшце тросы нацягнуліся, і камень пачаў соўвацца да берага. Усе перажывалі, ці даедзе камень да Сафійскага сабора. Дваццацішасцітонны гігант павезлі праз Наваполацк, бо баяліся, што не вытрымае стары полацкі аўтамабільны мост. У выніку, у канцы кастрычніка 1981 г. камень быў дастаўлены на Верхні замак і заняў тое месца, дзе знаходзіцца і сёння.

Дзякуючы зладжанай працы супрацоўнікаў запаведніка і аквалангістаў-аматараў, пры падтрымцы навукоўцаў з Мінска і спецыялістаў з Полацка, мы сёння маем магчымасць бачыць унікальны помнік пісьменства сівой полацкай даўніны.

Каталог сайтов 1BY.BY Rating All.BY Каталог TUT.BY