Новыя звесткі пра лютэранскую кірху

Автор: Воднева И.П.

Старажытны горад Полацк, на вялікі жаль, захаваў не так многа помнікаў архітэктуры мінулага. Па розных прычынах храмы і кляштары былі разбураны людзьмі або знарок, або зруйнаваны падчас войнаў. Да так званых «шчаслівых» будынкаў можна аднесці былую лютэранскую кірху, размешчаную на вуліцы Ніжне-Пакроўскай. Гэтая пабудова сёння з'яўляецца адзіным помнікам новай готыкі ў нашым горадзе. Чырвоная цэгла, шпіль, востраканцовыя вежы - пінаклі, стрэльчатыя вокны – гэта характэрныя асаблівасці архітэктуры гатычных храмаў. Усё гэта можна ўбачыць і ў полацкай царкве. Даследчыкі ў 1980-я гг., пазнаёміўшыся з дакументамі розных архіваў, так і не змаглі знайсці дакладнай даты пабудовы кірхі. Храм адносілі або да канца ХІХ ст., або да пачатку ХХ ст. І толькі ў 2008 г. супрацоўнікам Краязнаўчага музея пашанцавала. Сярод дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь было знойдзена некалькі лістоў і зваротаў полацкіх лютэранаў, рапарт полацкага паліцмайстара, дзе вызначалася дакладная дата пабудовы. Так, лютэранская кірха была ўрачыста адкрыта 18 снежня 1888 года. Храм асвяцілі ў гонар Святой Марыі. Пабудаваны ён быў за паўтара гады. Да гэтага віцебскі пастар звычайна праводзіў набажэнствы ў драўляным малітоўным доме. Але дом ужо даўно патрабаваў капітальнага рамонту, таму пабудова  храма з цэглы была проста неабходна. Атрымаўшы дазвол, Дэпартамент духоўных спраў іншаземнага веравызнання за даволі кароткі час пабудаваў у Полацку новы мураваны храм. На адкрыцці кірхі прысутнічалі некалькі пастараў: Каролін з Віцебска, Бітнэр з Дынабурга, Мірзаліс  са Смаленска, Альгаўзен з Арла, былі запрошаны таксама полацкія гарадскі галава  і паліцмайстар. У архіўных дакументах паведмалялася, што  колькасць  лютэран у Полацку і павеце ў той час складала каля 850 чалавек, але свайго мясцовага пастара не было. Абрад асвяшчэння пачаўся ў 10 гадзін раніцы. Духавенства і прыхажане сабраліся спачатку ў былым малельным доме, дзе Каролін прачытаў развітальную пропаведзь. Затым у новую царкву перанеслі Святыя дары і Евангелле, правялі  богаслужэнне - спачатку на нямецкай мове, а потым на лацінскай. Пасля службы ў 16 гадзін у памяшканні жаночага пансіёна спадарыні Вільгельміны Рульковіус адбыўся званы абед. У пансіён, які месціўся на вуліцы Ніжне-Пакроўскай у эканамічным доме Багаяўленскага манастыра, былі запрошаны акрамя членаў царкоўнага савета, пастары, кіраўніцтва горада, а таксама Міравы суддзя Цішэ і Кіраўнік Дынабургска-Віцебскай чыгункі Фрыдэ. Апошнія прымалі непасрэдны ўдзел у пабудове полацкай Евангелічна-Лютэранскай царквы Святой Марыі.

У 1900 г. зноў была ўтворана полацкая парафія. У дакументах сустракаецца імя і полацкага святара Фелікса Максімавіча (або Максіміліянавіча) Берчы. Яго дом месціўся ў Полацку на вуліцы Ніжне-Пакроўскай каля кірхі. Пасля рэвалюцыі адносіны да рэлігіі ў новай краіне змяніліся. Па ўспамінах  краязнаўцы Івана Дэйніса храм быў закрыты ў 1924 г., а з пачатку 1930-х гг. у былую кірху перавялі з Сафійскага сабора Акруговы краязнаўчы музей. Ёсць звесткі відавочцаў, што падчас Вялікай Айчыннай вайны ў царкве зноў праходзілі набажэнствы. Дакладна вядома толькі тое, што музейныя калекцыі былі поўнасцю разрабаваны. У пасляваенны час у кірсе  некаторы час месціўся гарадскі кінатэатр, потым там захоўвалі зерне, а ў 1950 г. у храме зноў размясцілася экспазіцыя полацкага музея. Можа, дзякуючы менавіта гэтаму наш горад захаваў прыгожы помнік неаготыкі, які, нягледзячы на нешматлікія перабудовы, не згубіў сваёй мастацкай каштоўнасці да сённяшняга часу.