VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі”

2У адрозненні ад мінулых канферэнцый, шостая вызначалася тым, што адсутнічалі секцыі, усе даклады заслухоўваліся паслядоўна, што дазволіла пазнаёміцца з усімі аспектамі гсітарычнага працэсу на Полаччыне. Вельмі прадстаўнічай была дэлегацыя з С-Пецярбурга ў складзе А.М. Іанісяна, Ю.М. Лесмана, Я.М. Торшына і Вяч.С. Куляшова. Прыехалі амаль ўсе даследчыкі, якія капалі Полацк і ваколіцу. Нажаль па стану здароўя на канферэнцыю не патрапіў патрыярх полацкай археалогіі Г.В. Штыхаў. За 5 гадоў, якія мінулі з апошняй канферэнцыі пакінулі гэты свет выдатныя даследчыкі Полаччыны Л.В. Аляксеяў і В.Н. Рабцэвіч. Яны былі ўшанаваны хвілінай маўчання.

Да ўдзелу ў канферэнцыі было заяўлена больш за 40 дакладаў, размеркаваных па тэматычных блоках. Сярод асноўных тэматычных блокаў, згадаем наступныя: гістарычны, архітэктурна-археалагічны, археалагічны, мастацказнаўчы, музейна-інфармацыйны. Некалькі дакладаў былі прысвечаны этнаграфічнай, урбанімістычнай, сацыяльнай праблематыцы. Даклады гістарычнай тэматыкі былі распачаты з выступу Г.М. Семянчука на тэму: “Варажскі перыяд у гісторыі Полацка”, у якім адзначала важкасць для станаўлення Полацка дзейнасці Рагвалода. Даклад прафесара Беластоцкага ўніверсітэта А.Ю. Латышонка быў прысвечаны аналізу фіна-вугорскіх назваў Крыў, Велт і Латв, звязаных з паняццем “верхні”, у такім разе атрымлівалася, што “крыў” – адпавядала паняццю “жыхары верху”.3 Вельмі шмат эмоцый выклікалі выступы гісторыкаў М.Д. Макарава і В.У. Галубовіча. Першы з іх распавёў аб функцыянаванні магдэбургскіх уладаў у Полацку, другі спыніўся на аналізе злачынства ў Полацку ў 1-й палове XVII ст. Як паказалі доследы М.Д. Макарава нават пры выбарнасці магдэбургскай ўлады горада ступень карупцыі дасягала значных памераў і выразілася ў “сямейнасці” займаемых пасад. Нядаўні прыклад з сучаснай гісторыі Полацка гэта поўнасцю пацвярджаў. Асобныя гістарычныя аспекты развіцця Полаччыны былі адлюстраваны ў дакладах В.В. Шадыры, В.А. Вароніна, А.У. Мацука, М.М. Баўтовіча, І.Н. Колабавай, У.А. Лобача. Апошні з указаных даследчыкаў сканцэнтраваў сваю ўвагу на міфатворчасці адносна полацкіх лабірынтаў і запісу цікавага паведамлення пра скарб золата, знойдзены ў нетрах гары Верхняга замку. Апошняя з тэмаў вельмі актуальна ў сувязі з апошняй спробай краязнаўцаў, братоў Бухавецкіх стварыць новы міф, аб існаванні вялікага падземнага лёха.

Архітэктурна-археалагічны блок вызначаўся разглядам пытанняў ранняй архітэктуры Полацка і сумежных тэрыторый.  У дакладзе загадчыка сектарам архітэктурнай археалогіі Дзяржаўнага Эрмітажа А.М. Іанісяна на тэму “От Десятинной церкви до Софийского собора: становление древнерусской архитектуры” было засведчана, што лічыць Дзесяцінную царкву ў Кіеве пачаткам у адналінейным развіцці усходнеславянскай  культавай архітэктуры не правамерна. У гэтай архітэктуры вылучаецца некалькі паралельных плыняў з уплывамі будаўнічых традыцый не толькі з Візантыі, але і з Першага Балгарскага царства. Яго высновы былі развіты ў дакладзе навуковага супрацоўніка сектара архітэктурнай археалогіі Дзяржаўнага Эрмітажа Я.М. Торшына на тэму “Особенности строительных материалов древних храмов Полоцкой земли и проблема формирования строительных традиций полоцкого зодчества в XII в.”. Даследчык адзначыў, што традыцыі вырабу плінфы з Полацка  блізкія да “чарнігаўскай школы” і неабходна больш дакладна звярнуць увагу на факт прызвання майстроў з некалькіх цэнтраў для будоўлі Сафійскага Сабора. Цікавым было і паведамленне У.В. Ракіцкага на тэму “Мера, мерки и обмеры Спасской церкви в Полоцке”. Ім была паказана ўнікальнасць пабудовы вертыкальнай і гарызантальнай кампазіцыі Спаскага храма.

4Археалагічны блок дакладаў меў рознабаковую тэматыку. Даклад Д.У. Дука аб Запалоцкім пасадзе падняў пытанне яго аховы, бо культурны пласт гэтага пасада па-варварску знішчаўся ў апошні час будаўнікамі (культурны пласт прадаваўся на падсыпку агародаў) і чорнымі капальнікамі. Былі прапанаваны розныя метады барацьбы з гэтай з’явай, у тым ліку ўстаноўку сучасных сродкаў электроннай аховы і відэафіксацыі. Асобныя  археалагічныя знаходкі аналізаваліся ў дакладах С.В. Тарасава (Полацкае мерыла), С.Д. Дзярновіча (упрыгожанні паўночна-еўрапейскага кола), М.В. Клімава (матэрыяльнай культура Лучна), І.У. Магалінскага (хімічны склад вырабаў з каляровых металаў), М.А. Плавінскага (праблемы храналогіі), А.А. Салаўёва (домік Пятра І), В.А. Емельянчык (антрапалогія ў рэканструкцыі этнічных працэсаў). Вельмі важнае значэнне меў паўторны аналіз Казьянскага скарба, агучаны ў дакладзе навуковага супрацоўніка аддзела Эрмітажа Вяч.С. Куляшова.  Пэўны “правакацыйны характар” меў даклад Ю.М. Лесмана на тэму “Homo nudus в Полоцком княжестве”, які падняў тэму традыцыі паказу аголенага чалавечага цела, якая пачынае актыўна ўжывацца з ХІІ ст.   

Мастацказнаўчы блок дакладаў быў распачаты на другі дзень канферэнцыі, пасля экскурсіі ў Спаса-Ефрасіньеўскі манастыр і агляд адкрытых фрэсак у Спаскім храме калектывам пад кіраўніцтвам галоўнага мастацтвазнаўцы і рэстаўратара У.Д. Сараб’янава.  Сам У.Д. Сараб’янаў правёў захапляльную і змясцоўную экскурсію па храму, спыняючыся на самых цікавых адкрыццях апошняга часу. Сярод якіх неабходна казаць аб выяўленых аркасоліях. Даклад У.Д. Сараб’янава пасля экскурсіі на тэму “Мир книжности в росписях Спасской церкви Евфросиньего монастыря. К вопросу о просветительской деятельности преп. Евфросинии Полоцкой” па-сутнасці меў сенсацыйны характар. На аснове аналіза роспісаў храма навукоўцам былі ўстаноўлены назвы некаторых з кніг, якія знаходзіліся ў бібліятэцы полацкай асветніцы. Асобныя аспекты Спаскага храма прагучалі ў дакладах Б.Р. Васільева /Ладага/(арнамент фрэсак), Д.А. Скабцовай (сцэна “Усвіжання Крыжа”)І.Л. Калечыц (гістарычныя асобы ў графіці).

1Музейна-інфармацыйны блок асвячаў розныя аспекты, звязаныя з выкарыстаннем новых сродкаў у музейнай працы. Новы падыход у музейнай працы быў прапанаваны ў сумесным дакладзе А.Ф. Оськіна, Т.А. Джумантавай “Технология создания виртуальных музейных экспозиций”, дзе быў паказаны працэс стварэння падобнай экспазіцыі праз кампутарнае мадуляванне.

Канферэнцыя пакінула вельмі станоўчае ўражанне і вызначалася высокім ўзроўнем арганізацыі, што, безумоўна, з’яўлялася заслугай кіраўніцтва  Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка.                                                        


к.г.н. н.с. Інстытута гісторыі НАН Беларусі 

М.В. Клімаў. 

Каталог сайтов 1BY.BY Rating All.BY Каталог TUT.BY